Конкурс праектаў ад шведскай арганізацыі Forum Syd (да 100 000 еўра)

Падаць заяўку на фінансаванне могуць арганізацыі і ініцыятывы грамадзянскай супольнасці з Беларусі, яны павінны быць непалітычнымі, некамерцыйнымі, нерэлігійнымі і працаваць у накірунку дэмакратычнага развіцця, заснаванага на каштоўнасцях роўнасці ўсіх людзей і павагі да правоў чалавека. Падаць заяўку могуць як асобныя арганізацыі/ініцыятывы, так і кааліцыі двух або больш беларускіх арганізацый/ініцыятываў. Бюджэт: да 100 000 еўра, тэрмін рэалізацыі: да 30 месяцаў. Каб падаць заяўку, адпраўце запоўненую форму канцэпцыі праекта (не больш за 2 стр фармату А4) і бюджэт на адрас электроннай пошты Belarus@forumsyd.org з пазнакай «Конкурс праектаў». На сённяшні дзень конкурс з’яўляецца адкрытым (без абмежаванняў па тэрмінах падачы).

Звяртаем увагу, што праекты асобных актывістаў, дзяржаўных або камерцыйных арганізацый не могуць быць падтрыманы ў рамках гэтай Праграмы.

Forum Syd (Форум Сюд) — гэта шведская некамерцыйная, палітычна і рэлігійна нейтральная арганізацыя грамадзянскай супольнасці, якая працуе з Беларуссю з 1998 года, каб спрыяць развіццю моцнай і дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці ў краіне. З 2013 года рэалізуецца Праграма кіравання грантамі для Беларусі з мэтай аказання непасрэднай падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці.Якія праекты могуць быць падтрыманы?

У сваёй працы Forum Syd выкарыстоўвае Падыход на аснове правоў (англ. Rights Based Approach, RBA). Праекты павінны быць накіраваны на дасягненне пазітыўных і ўстойлівых змяненняў у грамадстве на мясцовым і/або нацыянальным узроўні. У працэсе адбору Forum Syd будзе кіравацца каштоўнасцямі недыскрымінацыі, гендэрнай роўнасці і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, а таксама наступнымі прыярытэтамі і кірункамі:

  • развіццё грамадзянскай супольнасці ў рэгіёнах Беларусі, праца з мясцовымі ініцыятывамі, актывістамі і актывісткамі ў невялікіх гарадах і/або вёсках;
  • супрацоўніцтва арганізацый/ініцыятываў, якія працуюць у розных тэматычных абласцях, узгодненасць і салідарнасць грамадзянскай супольнасці;
  • вялікая бачнасць грамадзянскай супольнасці і інфармаванасць грамадскасці аб яе дзейнасці;
  • актыўны ўдзел грамадзян, пашырэнне іх правоў і магчымасцяў.