7 кастрычніка — VIII Чэмпіянат па фотабёрдынгу ў Брэсце!

Рыхтуй фотаапарат і бадзёры настрой: 7 кастрычніка ў Брэсце будзем лавіць птушыныя кадры. АПБ ладзіць VIII Чэмпіянат па фотабёрдынгу!

Што трэба рабіць?

Фатаграфаваць птушак у натуральным асяроддзі! Як? Вось некалькі парадаў.

А каб перамагчы ў Чэмпіянаце, табе трэба за 5 гадзін — з 9.00 да 14.00 — наздымаць як мага больш розных відаў птушак.

За кожны від табе будуць налічвацца балы. Прычым найбольш балаў за кожны здымак атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі.

СПАМПАВАЦЬ ПРАВІЛЫ ЧЭМПІЯНАТУ ПА ФОТАБЁРДЫНГУ

Як запісацца на Чэмпіянат?

Спампуй форму простай заяўкі, запоўні яе і дашлі на адрас levy@ptushki.org.

Заяўкі прымаюцца да 17.00  пятніцы 5 кастрычніка.

Ты можаш удзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек.

Удзел у Чэмпіянаце бясплатны.

Па выніках будуць вызначаныя пераможцы і прызёры, таксама асобна будзе абраны найлепшы здымак. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы.

Далучайся да прыгожага і цікавага занятку, знаёмся з птушкамі праз аб’ектыў фотаапарата!

Чэмпіянат па фотабёрдынгу пройдзе ў межах Восеньскіх дзён назірання за птушкамі EuroBirdwatch-2018.

Даведка

Чэмпіянаты па фотабёрдынгу праходзілі ў Мінску чатыры разы, а таксама двойчы ў Гомелі і адзін раз у Брэсце. VIII Чэмпіянат па фотабёрдынгу – адно з мерапрыемстваў ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.