ЯПОНІЯ ВЫЛУЧЫЛА БОЛЬШ ЗА 200 ТЫС ДОЛЛАРАЎ ДЛЯ БАЛЬНІЦ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ І БРЭСТЧЫНЕ

Дзякуючы грантавай дапамогі з Японіі Брэсцкая абласная дзіцячая бальніца зможа закупіць артраскоп, які дазваляе выконваць хірургічныя маніпуляцыі на суставах і эндаскоп на суму 79 272 долары, паведамляе «Звязда».

Хойніцкая цэнтральная раённая бальніца атрымае грант на суму 60 450 долараў на закупку бронхаскопа і каланаскопа. Калінкавіцкая цэнтральная раённая бальніца зможа набыць гастраскоп на суму 76 350 долараў. Агульная сума выдзеленых сродкаў складзе 216 072 долары.

З 2004 года пасольства Японіі ў Беларусі рэалізуе праграму кіраўніцтва Японіі «Карані травы — грантавая дапамога для праектаў па гарантаванні бяспекі чалавека». У яе межах вылучаюцца сродкі з мэтай дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў. Грантавая дапамога прадугледжвае выдзяленне сродкаў для закупкі абсталявання, а таксама аснашчэнне медыцынскіх устаноў. У нашай краіне за гэты час ужо рэалізавана 42 такія праекты на агульную суму больш за 3,5 мільёна долараў. Гэта дапамагло ўдасканаліць медыцынскае абсталяванне ва ўстановах аховы здароўя, якія аказваюць дапамогу людзям, пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Сёлетнія праекты стануць 43-м, 44-м і 45-м рэалізаванымі ў рамках праграмы «Карані травы».